Галоўная\Біяграфіі\Гарун Алесь

Гарун Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандар), нарадзіўся 11.03.1887 г. у фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менска) у сям'і чорнарабочага. Глядзіце таксама творчасць Гаруна

Скончыў гарадскую прыходскую навучальню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесніцкай навучальні. З 1902 г. працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску. У 1904 г. уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 г. арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У 1914 г. працаваў на Лене вадалівам. З 1915 г. - на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савета Ленінскай золатапрамысловай акругі. У Менск вярнуўся ў верасні 1917 г., у 1918 г., у час нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У 1919 г., пасля захопу Менска палякамі, стаў сябрам так званай Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў.

Памёр 28.07.1920 г.

Пісаць вершы пачаў змалку. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 г. (газета «Наша ніва»). Вершы, апавяданні публікаваліся ў газетах «Наша ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах. Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (1918, 1929, факсімільнае выданне ў 1988), у 1920 г. - зборнік «Жывыя казкі», куды ўвайшлі тры п'есы для дзіцячага тэатра: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921), «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданнем выйшла паэма «Мае коляды» (пад псеўданімам А.Сумны, 1920). Выступаў у друку і як публіцыст.

Творчасць Алеся Гаруна.

Ты спевам разбудзіў народ свой напрадвесні,
Якому на алтар свой дыямент прынёс...
Яшчэ акорд не змоўк тваёй прыгожай песні,
Хоць струны абарваў жыцця паганы лёс.
М. Чарот

Імя Алеся Гаруна доўгі час замоўчвалася. Яго адносілі да ліку нацыянальна-дэмакратычных інтэлігентаў, якія пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. і ў час грамадзянскай вайны не здолелі зразумець сутнасці і характару класавай барацьбы, разабрацца ў нацыянальнай палітыцы бальшавікоў, дапамагалі легіёнам Ю. Пілсудскага. Сёння творчая спадчына паэта з'яўляецца аб'ектам пільнай увагі многіх чытачоў, літаратуразнаўцаў, а яго імя па праве займае пачэснае месца побач з заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры Янкам Купалам, Якубам Коласам і Максімам Багдановічам. Друкавацца А. Гарун пачаў у 1907 г. Выступаў з публікацыямі вершаў і апавяданняў у газетах "Наша ніва", "Беларус", "Вольная Беларусь". Пры жыцці выйшлі зборнік паэзіі "Матчын дар" (1918) і кніга дзіцячых п'ес "Жывыя казкі" (1920). У зборнік "Матчын дар" увайшлі вершы, напісаныя А. Гаруном у 1907—1914 гг. Гэты зборнік, як і "Вянок" М. Багдановіча, з'яўляецца кнігай лёсу паэта. Складаецца ён з трох раздзелаў ("Роднаму краю", "На чужыне" і "Праявы роднага"): першы з другім утвараюць антанімічную (антытэзную) пару, а трэці, акумулюючы іх асноўны змест, аб'ядноўвае і як бы завяршае кампазіцыю кнігі. Пачынаецца "Матчын дар" своеасаблівым уступам — вершам "Людзям", у якім паэт акрэслівае сваю паэтычную праграму і тыя тэмы, што знойдуць далейшае ўвасабленне ў зборніку:

Сваіх тут жменьку я спісаў
Маркотных песняў-дум;
Маёй душы іх сам спяваў
Па краю родны сум.

А. Гарун не ставіць заслону паміж сабой і народам, у жыцці якога бачыць вытокі сваёй творчасці ("дзе сам народ — пясняр") і дзеля якога будзе тварыць. Тэма паэта і паэзіі знайшла сваё далейшае вырашэнне ў вершы "Паэту", які ўяўляе з сябе зварот-просьбу чытача да творцы:

Прашу цябе, спявай аб горы песнь адну ты
І наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй,
Тады, убачыш сам, парвуцца духа путы
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.

Большасць твораў Алесь Гарун напісаў у выгнанні, дзе, па сутнасці, склалася яго творчая індывідуальнасць, выявіўся шматгранны пісьменніцкі талент, прыйшла мастацкая сталасць. У многіх творах пераважаюць сумныя, элегічныя настроі, абумоўленыя трагедыяй жыцця выгнанніка, безвыходнасцю свайго паднявольнага становішча, адарванасцю ад бацькоўскай зямлі, беларускага моўнага асяроддзя. "Долі я не бачу, радасці не знаю"— гэтыя радкі з верша "Матчын дар" можна лічыць лейтматывам песень-дум, песень-жальб "У выгнанні", "Журба", "Восень", "Навокал". "Думы ў чужыне". Але жорсткі лагерны рэжым не змог вытравіць у паэта бязмерную любоў да Бацькаўшчыны, веры ў свой народ:

Ты паўстанеш, працавіты,
Гаратнічы, невымоўны,
Шчасця, долі прагавіты,
Мой сланэчны, мой чароўны!
Будзе час, пабачаць сведкі,
Хоць не мы, дык нашы дзеткі.
("Як надарыцца мінута...")

Верш "Начныя думкі" з'яўляецца элегічна-ўсхваляваным успамінам паэта пра родны край, ад якога ён быў адарваны турэмнымі кратамі. У думках-снах лірычнага героя выказваецца любоў да Радзімы — казачна-міфічнага, "нязведанага" краю: да "стэпаў з-пад Нёмана", глухой пушчы, жытняга поля, векавечных курганоў, лясной крынічкі, рэчкі з русалкамі:

Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!

Адчуваючы вялікія кантрасты жыцця ў гэтым нязведаным краі (то злосна-хмурлівым, то светлым, як рай, поўным шчасця і адначасова жалю, плачу), лірычны герой твора хоча парваць жалезныя путы і адшукаць купальскую кветку, шлях-гасцінец да шчасця. Абвостранае пачуццё любові да Бацькаўшчыны, духоўная еднасць з роднай зямлёй, пратэст супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнечання, заклік да барацьбы адчуваюцца ў вершах "Мілая, родная старонка-маці!..", "Навука", "Мае думкі", "Муляру". Герой верша "Навука" — настаўнік — дае жыццёвы наказ вучню: у ім ён хоча бачыць змагара, патрыёта, які б змог смела глядзець у вочы праўдзе, з адвагай пайсці "на чэсць і смерць". Лірычны герой верша "Муляру" заклікае муляра закончыць складаць каменныя сховы смерці і ісці будаваць іншы мур — новае жыццё. Створаны сілай і розумам многіх людзей, гэты мур будзе нагадваць палац са сценамі, як з крышталю, столлю, як са шкла. Паэтычнымі радкамі верша паэт заклікаў да чалавечага братства, роўнасці, свабоды:

Мур вялікі, вольнай волі,
Мур высокі да нябёс,
Мур братэрства, роўнай долі,
Мур для радасці без слёз...

Асаблівае значэнне ў нацыянальным адраджэнні А. Гарун надаваў мове, у якой бачыў адну з галоўных прыкмет самастойнасці і цывілізацыі нацыі. Услаўленне роднай мовы ён лічыць адным са сродкаў абароны правоў беларускага народа:

Хвала табе! О, дарагая!
О, беларуска проста мова!
Што сон магільны прарываеш,
Нясеш нам знак на жыцце нова!
Хвала табе! Вяліку справу
Спраўляеш ты між нас сярод,
Адвечнай кормячы нас стравай,
Даеш салодкі жыцця мёд.
("Гімн роднай мове")

У вершы "Песня-звон" паэт называе родную мову магучым бліскучым звонам, які "з срэбра літы, з злота збіты". І гэты звон павінен дапамагчы званару ў справе абуджэння народа, гусляру (песняру) — у справе праўдзівага паказу жыцця чалавека, спынення "жалю" (гора, галечы, беднасці). У вершы "Ты, мой брат, каго зваць Беларусам..." А. Гарун сцвярджае, што не можа бясследна загінуць той народ (нават калі яго абрабавалі, адабраўшы "і зямлю, і лясы, і кілімы", пазбавіўшы магчымасці выхоўваць дзяцей), які змог зберагчы родную мову — скарб, што захаваўся ад дзядоў і прадзедаў. У першым і апошнім чатырохрадкоўях гучыць заклік шанаваць, берагчы родную мову:

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваей не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Многія творы Алеся Гаруна скіраваны ў бок грамадска-палітычнага жыцця, прысвечаны надзённым падзеям тых часоў. У вершах "Праводзівы", "На варце", "У чужыне", "Чалавечая кроў" паэт адгукнуўся на пачатак першай сусветнай вайны. Сцвярджаючы, што ў час войнаў пакутуюць не іх пачынальнікі, а простыя людзі, аўтар выкрывае і асуджае ганебную сутнасць войнаў, паказваё іх бесчалавечны і трагічны характар. У складаных умовах 1917—1920 гг. пісьменнік спрабаваў акрэсліць напрамкі і перспектывы грамадскага развіцця, даць ацэнку дзейнасці палітычных партый і іх праграмам. У творах гэтага перыяду ўзмацняецца пачуццё трывогі за лёс шматпакутнай Беларусі, гучыць матыў самаахвярнага змагання за родны край, асабістай адказнасці за яго далейшы лёс, вера ў лепшую долю народа. Вершам "Брацця, к агульнаму шчасцю...", "Кліч" уласцівы дэкларацыі, звароты, заклікі да роўнасці, братэрства, да вызвалення з-пад рабскага духу, на штурм "трона крыўды", пракляцці тым, "хто свой карк захоча гнуць, й рукі ворагу лізаць, й словы льсцівыя казаць". У творчай спадчыне Алеся Гаруна нямала філасофскіх твораў, напоўненых элегічнай танальнасцю, камернасцю ("Nocturno", "Ідуць гады", "На смерць"). Лірычны герой гэтых вершаў разважае над глабальнымі праблемамі рэчаіснасці: сэнсам чалавечага жыцця, яго скарацечнасцю, вечным і нястрымным рухам у прыродзе і грамадстве, мэтазгоднасцю чалавечага існавання і інш. Алесь Гарун унёс значны ўклад у развіццё беларускай прозы і драматургіі. Яго 6 апавяданняў, лірычная легенда "Першы снег", п'есы для дзіцячага тэатра пашырылі ідэйна-тэматычныя і жанравыя формы беларускай літаратуры і яе выяўленча-мастацкія сродкі. У цэнтры апавядання "Пан Шабуневіч" — гісторыя змагання рамесніка-шаўца (з чыноўніцкім светам, з жонкай-каталічкай) за права карыстацца роднай мовай у штодзённым жыцці, за права звацца беларусамі. У апавяданні "Свята" праз сцэны жыцця палітычнага пасяленца Грыневіча і сібіракоў паказваецца гістарычная сувязь пакаленняў, звязаных рэвалюцыйнымі падзеямі ХVIII і XIX ст.. У драматычных творах выявілася багацце творчай фантазіі аўтара, цудоўнае веданне ім народных казачных вобразаў і свету дзіцячых уяўленняў, адчуванне прыгажосці беларускай прыроды. Героем п'есы-казкі для дзяцей "Хлопчык у лесе", у якой змешчана шмат песень з нотамі, з'яўляецца вясковы Хлопчык. Заблудзіўшыся ў лесе, ён трапляе ў царства магутнага чараўніка, дзе выратоўвае запалоненых Сяляначку, Ткачыху і чатырох Папрадух. У казачнай краіне, шлях да якой Хлопчыку дапамаглі знайсці добрыя кветкі, ён дабыў жалейку і ігрой на ёй выгнаў гаспадара зачараванага царства. Праўда, дабро ў п'ёсе, як і ў большасці казак, перамагаюць, і Хлопчык знаходзіць сваю маці і атрымлівае цудоўныя падарункі: боты-скараходы, шапку-цемязень, незвычайную вопратку, залаты клубок і жалейку. Творчасць Алеся Гаруна — яркая старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. М. Багдановіч яшчэ ў 1913 г. у артыкуле "За тры гады: Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911 — 1913 гг." пісаў, што "лёгкасць і мілазычнасць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліванне рыфм — усё гэта дужа аздабляе яго (А. Гаруна) паэзію. У дзе-якіх творах спатыкаецца сіла і сціснутасць мовы. Глаўна ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншага не падобны, што ён не зрабіўся нічыім "падгалоскам". Гэта зарука, што нашы надзеі на яго талент не пойдуць намарна". І сапраўды, А. Гарун цалкам спраўдзіў надзеі М. Багдановіча. Творы пісьменніка, які "народу на алтар свой дыямент прынёс", займаюць пачэснае месца побач з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Адваротная сувязь

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100
Hosted by uCoz