Галоўная\Біяграфіі\Быкаў Васіль

Быкаў Васіль , нарадзіўся 19.06.1924 г. у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай навучальні. Скончыў экстэрнам Кубліцкую сярэднюю школу. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў складзе інжынернага батальёна ўдзельнічаў у будаўніцтве абаронных збудаванняў. Са жніўня 1942 г. - курсант Саратаўскай пяхотнай навучальні (скончыў у лістападзе 1943). Як камандзір узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, затым армейскай артылерыі ўдзельнічаў у баях на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Вугоршчыну, Югаславію, Аўстрыю. Служыў на Ўкраіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. Пасля дэмабілізацыі (1947) працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях, стыльрэдактарам абласной газеты «Гродзенская праўда». У 1949-1955 гг. зноў служыў у Савецкай Арміі. У 1956-1972 гг. - літсупрацоўнік, затым літкансультант газеты «Гродзенская праўда», у 1972-1978 гг. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР. З 1978 г. жыве ў Менску. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978-1990), з 1989 г. - народны дэпутат СССР. У 1990 г. абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Сябра СП СССР з 1959 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1980).

Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Жураўліны крык» (1960), «Ход канём» (гумар, 1960), «Трэцяя ракета. Здрада» (1962), «Альпійская балада» (1964, па матывах аповесці пастаўлены ў 1967 г. балет на музыку Я.Глебава), «Адна ноч» (уключана аповесць «Пастка», 1965), «Аповесці» (1969), «Сотнікаў. Абеліск» (1972, па аповесці «Сотнікаў» пастаўлены ў 1977 г. кінафільм «Узыходжанне»), «Воўчая зграя» (1975, пастаўлена опера на музыку Г.Вагнера «Сцежкаю жыцця», 1980), «Аповесці і апавяданні» (1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1979), «Знак бяды» (1984, пастаўлены кінафільм у 1988), «У тумане» (уключаны таксама аповесці «Мёртвым не баліць» і «Аблава», 1989), «Дажыць да світання» (1990), рамана «Кар'ер» (І987). У 1974 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1980-1982 гг. - Збор твораў у 4 тамах (уключаны таксама аповесці «Круглянскі мост», «Праклятая вышыня», «Яго батальён»). Выдаў кнігу крытыкі «Праўдай адзінай» (1984).

Працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), 3-х серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976), «Абеліск» (1977) і кароткаметражны фільм «Пастка» (1966). Аўтар п'есы «Рашэнне» (1972). На аснове аповесці «Сотнікаў» напісаў п'есу «Апошні шанц» (пастаўлена ў 1974), у 1979 г. пастаўлены спектакль «Пайсці і не вярнуцца». У маскоўскіх тэатрах пастаўлены яго п'есы: у 1976 - «Абеліск», у 1977 - «Скрыжаванне» (па матывах аповесцей «Сотнікаў» і «Круглянскі мост»).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964) за аповесць «Трэцяя ракета», Дзяржаўнай прэміі СССР (1974) за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесці «Воўчая зграя» і «Яго батальён», Ленінскай прэміі (1986) за аповесць «Знак бяды».

Новыя творы Васіля Быкава.

Васіль Быкаў — агульнапрызнаны майстар такога жанру празаічнай творчасці, як аповесць. Апошнім творам у гэтым накірунку з'явілася аповесць "Пакахай мяне, салдацік". Яна вылучаецца тым, што, у адрозненне ад ранейшых твораў, у ёй В. Быкаў надае значную ўвагу вобразу жанчыны. Дзеянне ў аповесці "Пакахай мяне, салдацік" адбываецца ў апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах невялічкага аўстрыйскага гарадка. Галоўны герой — камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне. Сустрэўшыся з маладзенькай зямлячкай Франяй, лейтэнант закахаўся ў яе. Аднак шчырае і чыстае пачуццё Змітрака трагічна абарвалася з-за забойства Франі, разам з якой загінулі яе нямоглыя гаспадары — прафесар біялогіі Шарф і яго жонка фрау Сабіна. Змітрок праклінае забойцаў: "Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты!" Прасочваючы лёс Змітрака і Франі, аўтар выступае супраць неапраўданай помслівасці, жорсткасці і ахвяр, не выкліканых ваеннай неабходнасцю, гаворыць пра небяспеку і фашызму, і бальшавізму. Нельга не адзначыць, што ў апошні час пісьменнік аддае перавагу апавяданню. І звязана гэта ў першую чаргу з імкненнем пісьменніка ў больш кароткай, у параўнанні з аповесцю, форме данесці да чытача сваю думку. Тэме бальшавіцкага таталітарызму прысвечаны такія творы В. Быкава, як "На чорных лядах", "Перад канцом" і "Жоўты пясочак". У апавяданні "На чорных лядах" аўтар звяртаецца да нядаўняй гісторыі — Слуцкага ўзброенага паўстання 1920 г., накіраванага супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Восем чалавек, знясіленых, без ежы і патронаў, адважваюцца на самагубства: яны капаюць сабе агульную магілу і па чарзе кладуцца ў яе. Гэтыя людзі, якія хацелі дабра сабе і свайму народу, свядома ідуць на смерць не з-за нейкага фанатызму, а кіруюцца гуманістычным меркаваннем: не "пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасці, распачалі" паўстанне. З васьмі чалавек застаўся жыць толькі пятнаццацігадовы Валодзька Сулашчык, якому камандзір даручыў закапаць і зруйнаваць з зямлёй магілу паўстанцаў. Выратаванне Валодзькі — надзея на тое, што трагічная самаахвярнасць паўстанцаў не згіне бясследна ў гісторыі, не забудзецца нашчадкамі. Праз трагедыю герояў твора аўтар паказвае нацыянальную трагедыю, выкрывае зло, што прынёс беларускаму народу бальшавізм. Падзеі ў апавяданні "Перад канцом" адбываюцца ў хуткім часе пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі. Цэнтральны персанаж твора — былы падпаручнік царскай арміі, які па недарэчнасці трапляе ў засценкі ЧК: пры вобыску на вакзале чэкісты знаходзяць ў ягоным рэчывым меху пісталёт. Апынуўшыся ў няволі, падпаручнік не губляе надзеі на лепшае. Таму ён адразу згаджаецца на прапанову аднаго з сукамернікаў напасці на варту і паспрабаваць уцячы на волю. Астатнія, паколькі іх не кармілі некалькі дзён, вырашаюць, што яны ўжо асуджаныя, і таму таксама падтрымліваюць прапанову, Аднак, калі вартавы прынёс, як свінням, вядро кашы, усе, за выключэннем падпаручніка, адмаўляюцца ад ранейшай задумы. Аўтар паказвае, да чаго можа давесці людзей таталітарная ўлада: яны гатовы за вядро кашы адмовіцца ад свабоды, ад апошняга шанцу застацца людзьмі. Тэме палітычных рэпрэсій 20—30-х гадоў прысвечана апавяданне "Жоўты пясочак". У ім В. Быкаў па-мастацку дакладна і псіхалагічна выверана перадае атмасферу тых жахлівых часоў. Ён паказвае, як машына рэпрэсій раскручвае свае шалёныя абароты, патрабуючы ўсё новых і новых ахвяр. Адзін з цэнтральных эпізодаў твора звязаны з лёсам былога супрацоўніка НКУС. На яго сумленні не адно загубленае жыццё — ён верна служыў сістэме. Але надышоў час, калі сістэма адвергла яго і ператварыла ў такую ж ахвяру, як і тыя, каго ён з асалодай забіваў з пісталета ў патыліцу. Былы кат да самага канца не верыць у блізкасць сваёй смерці, а зразумеўшы яе непазбежнасць, патрабуе для сябе асобнай магілы, каб не ляжаць у зямлі побач з розным "быдлам". Такім чынам, персанаж паўстае перад намі не столькі ахвярай рэжыму, колькі ахвярай уласнай абмежаванасці і непрадбачлівасці. Аб глыбіні маральнага падзення чалавека ва ўмовах рэжыму татальнага кантролю ўсіх сфер жыцця гаворыць В. Быкаў у апавяданні "Бедныя людзі". Два героі твора — прафесар і аспірант— пасля доўгіх сумненняў у шчырасці сваіх дзелавых адносін (кожны паасобку) пішуць даносы адзін на аднаго ў "органы". Аўтар паказвае, на якой псіхалагічнай аснове будуе сваю дзейнасць таталітарная ўлада: на страху, недаверы і псіхалагічным ціску на кожнага нязгоднага члена грамадства. З гэтым апавяданнем тэматычна звязана і наступнае — "Сцяна". Зрэшты, яно па сіле свайго абагульнення нагадвае хутчэй прытчу. Безыменны герой твора жыве ў безыменнай краіне, у якой правіць баль жорсткая дыктатура. Знаходзячыся ў турме, ён спрабуе знайсці слабое месца ў каменным муры сваёй цямніцы. Калі ж ён зрабіў ў сцяне адтуліну і змог вылезці на вуліцу, яго чакала горкае расчараванне: з адной камеры ён трапляе ў другую — з шыбеніцай. Нягледзячы на песімістычны фінал, прытчавы характар твора дацускае шматзначнасць яго тлумачэння. Такім чынам, В. Быкаў у апошнія гады пашырае тэматыку сваёй творчасці, звяртаецца да новых, забароненых раней тэматычных пластоў. Але не пакідае пісьменнік і сваёй любімай тэмы — вайны і лёсу чалавека на вайне. Аб гэтым сведчаць яго новыя творы дадзенай тэматыкі ("Зенітчыца", "Палкаводзец", "Пагорак", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё" і "Кацюша").

Адваротная сувязь

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100
Hosted by uCoz